Вход



Поиск по сайту
Google на mf.grsu.by

  
Главная страница >> Факультет >> История факультета >> Iгар Жук
Игорь Жук

Да 60-годдзя Жука І.
Ігар Жук (2.02.1950 – 3.12.2002)

Жук Ігар нарадзіўся 2 лютага 1950 г. ў Гродне. Сям’я жыла на вул. Траецкай (у той час вул. Алега Кашавога) ў доме, дзе цяпер месціцца майстэрня па рамонце гадзіннікаў. Па гараскопу Ігар – Вадалей, і вельмі ганарыўся гэтым, бо сярод Вадалеяў шмат таленавітых і геніяльных людзей. На жаль, ён не дажыў да наступлення эры Вадалея 2 месяцы...

З дзяцінства палюбіў матэматыку і не здрадзіў гэтай любові да самага канца. Скончыўшы 8 класаў, паступіў у фізіка-матэматычную школу-інтэрнат пры МГУ, а па заканчэнні – на механіка-матэматычны факультэт МГУ.

Па заканчэнні ў 1972 г. ўніверсітэту працаваў у Менску ў Інстытуце Матэматыкі АН БССР малодшым, а затым старшым навуковым супрацоўнікам лабараторыі алгебрычнай геаметрыі, потым – дацэнтам кафедры вышэйшай алгебры БДУ. У 1979 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Группы преобразований с симплециальной фундаментальной областью”

Лабараторыя алгебрычнай геаметрыі Інстытута матэматыкі АН БССР (першы злева ў ніжнім радзе – Жук І.) (80 – я гг. XX ст.) У лабараторыі алгебрычнай геаметрыі. (злева направа: Жук І.К., Платонаў В.П., Курсаў В.У., Мельнікаў А.У., Янчэўскі В.І.)


З мамай Валянцінай Іосіфаўнай (80 –я гг. XX ст.) У лабараторыі алгебрычнай геаметрыі
(70 – я гг. XX ст.)

У 1993 г. вярнуўся ў родны горад, які вельмі любіў, казаў, што Парыж – гэта вялікі Гродна. Працаваў выкладчыкам фізіка-матэматычнага ліцэю “Альфа” пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, па сумяшчальніцтве дацэнтам кафедры алгебры, геаметрыі і методыкі выкладання матэматыкі ГрДзУ.

Галоўнай справай і любоўю ягонага жыцця была матэматыка, без матэматыкі нельга зразумець Ігара Жука. Гэтая навука вартая таго, каб яе любіць усё жыццё гэтак, як любіў Ігар. Матэматыка –самая цікавая, прыгожая, чыстыя навука, яна не залежыць ад змены ўладаў і ідэалогіяў. Чалавек, які займаецца сур’ёзна матэматыкай і думае над некаторай задачай, думае пра яе заўсёды і ўсюды, нават у сне, заняткі матэматыкай накладваюць адбітак на характар, інтарэсы, стаўленне да самых розных філасофскіх, маральных, жыццёвых праблемаў.

І.Жук быў вельмі таленавітым матэматыкам, ён аўтар многіх глыбокіх прыгожых тэарэмаў у адной з самых абстрактных і складаных матэматычных навук – алгебры, ягоныя працы ў галіне алгебры і алгебрычнай геаметрыі вядомыя матэматыкам ва ўсім свеце. У 1983 г. ўдзельнічаў у працы Міжнароднага Матэматычнага кангрэсу ў Варшаве.

Але галоўнай справай свайго жыцця лічыў педагагічную працу, вельмі любіў дзяцей і любіў вучыць дзяцей, і вучні адказвалі яму таксама любоўю, для многіх з іх ён застаўся самым любімым і паважаным настаўнікам. Калі Ігара не стала, для многіх з ягоных вучняў гэта была сапраўдная трагедыя, яны казалі: “Што гэта за ліцэй, калі там няма Жука”. Сярод вучняў І.Жука ёсць вельмі вядомыя матэматыкі – прафесіяналы, імёны якіх знаёмыя матэматыкам далёка за межамі нашай краіны, ёсць добрыя настаўнікі, спецыялісты іншых прафесіяў, проста добрыя, разумныя людзі.

Падчас вучобы ў школе Ігар удзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы, быў пераможцам Рэспубліканскіх і Ўсесаюзных алімпіядаў. З студэнцкіх гадоў удзельнічаў у алімпіядным руху ўжо як настаўнік, працаваў у фіз.-мат. школе пры МГУ, ліцэі пры БДУ, школе юных матэматыкаў у Інстытуце матэматыкі АН БССР, рыхтаваў школьнікаў да ўдзелу ў матэматычных алімпіядах рознага ўзроўню, быў сябрам журы Рэспубліканскай і Ўсесаюзнай алімпіядаў школьнікаў па матэматыцы. Задачы І.Жука былі і на Міжнародных матэматычных алімпіядах. Быў адным з заснавальнікаў і выкладчыкам на працягу больш чым 20 гадоў фізіка-матэматычнай летняй школы ў летніку “Зубраня” на возеры Нарач.

У “Зубраняці” з школьнікамі і выкладчыкамі летняй фіз.-мат. школы (Жук І. – у цэнтры ў ніжнім радзе) На занятках у “Зубраняці” (1994 г.)


У “Зубраняці” з Тацянай Капыловай (1993 г.)

Ён – адзін з аўтараў кнігі “Сборник олимпиадных задач по математике” (аўтары В.И.Берник, И.К.Жук, О.В.Мельников). Артыкулы І.Жука у часопісах для школьнікаў “Квант”, “Фокус”, “Альфа” адлюстроўваюць педагагічны, матэматычны, літаратурны талент аўтара.

Артыкулы І. Жука у часопісах для школьнікаў


Ігар вельмі любіў Беларусь, быў нацыяналістам у самым лепшым сэнсе гэтата слова, быў шчаслівы, калі яна стала незалежнай дзяржавай, і вельмі хацеў, каб незалежнасць не засталася папяровай, а Беларусь стала сапраўды самастойнай, дэмакратычнай, развітай краінай.




Любіў падарожнічаць, добра ведаў гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю. Меў шырокую эрудыцыю. Навучыўся чытаць у 4 гады, і з таго часу ўсё жыццё чытаў. Быў абазнаны ў мастацтве, літаратуры. Быў ад прыроды добрым чалавекам, вельмі любіў дзяцей, жывёлаў, асабліва катоў за іх незалежны характар і цікавасць да жыцця, казаў, што ў мінулым жыцці ён быў катом. Яму належыць фраза, якую можна падаваць як прыклад правільнага разважання на лекцыях па матэматычнай логіцы: “Усім вядома, што сабака – сябар чалавека. Адсюль вынікае, што той, для каго сабака не сябар – не чалавек.”



У апошнім падарожжы на Белым возеры з Ірынай і Кірай Сцёпінымі і Тацянай Капыловай
(жнівень 2002 г.)


Ігар Жук займаўся таксама графікай, пісаў вершы, пачаў пісаць успаміны пра сваё дзяцінства, якія пранізаныя любоўю да бацькоў, роднага гораду.

Большая частка ягоных малюнкаў напісаная ў Менску на пачатку 90-х гадоў. У ягоных работах шмат розных вобразаў – драбіны ў неба, ланцугі, змеі, гадзіннікі, якія амаль заўсёды паказваюць час без пяці – без дзесяці 12, як быццам жыццё канчаецца. І ўсюды матэматыка, геаметрыя, без іх нельга зразумець Жука і ягоныя малюнкі. Графічныя работы І.Жука - гэта погляд матэматыка на розныя з’явы жыцця, філасофскія і маральныя праблемы, палітычнае жыццё на Беларусі. Многія малюнкі – чыста матэматычныя, у некаторых разам з матэматычнымі вобразамі можна разглядзець падзеі асабістага жыцця аўтара, ягоныя пачуцці.

Выставу графікі І.Жука можна паглядзець у Інтэрнэце: http://www.lib.grsu.by/cgi-bin/zhuk/webvyst.cgi

На жаль, заўчасная смерць не дала яму закончыць многае з задуманага.
  
За содержание страницы отвечает Савицкая О.А.
©
Кафедра СПиКБ, 2002-2017